Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі з'яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у Рэспубліку Беларусь. Праца агенцтва накіравана на павышэнне інвестыцыйнага іміджу Рэспублікі Беларусь за мяжой, садзейнічанне замежнаму бізнесу ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама прыцягненне стратэгічнага інвестара на прадпрыемствы пілотнага праекта прыватызацыі, які рэалізуецца сумесна з Сусветным банкам.

Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Рэспублікі Беларусь актыўна ўключылася ў сусветны інвестыцыйны працэс і барацьбу за капітал адносна нядаўна, але паспела зарэкамендаваць сябе як надзейны партнёр для міжнародных і лакальных кампаній, выбудоўваючы стратэгічныя даверныя адносіны паміж бізнесам і дзяржавай.

Агенцтва прымае ўдзел у фарміраванні станоўчага іміджу краіны, прадстаўляючы інвестыцыйныя магчымасці Рэспублікі на значных пляцоўках свету і з'яўляючыся арганізатарам Беларускага інвестыцыйнага форуму; укараняе лепшую сусветную практыку прыватызацыі аб'ектаў дзяржуласнасці пры падтрымцы Сусветнага банка, выконваючы баланс інтарэсаў краіны і інвестараў. Арганізацыя конкурсаў прыватызацыі дазваляе знаходзіць інвестараў у розных рэгіёнах свету, якія жадаюць рэалізоўваць праекты на новых рынках.